Восiп Мандэльштам ВЕРШЫ * * * Маё жыцьцё сухое Агонь амаль даеў, Ня каменю затое, А дрэву ўзношу сьпеў. I лёгка ўсё i груба. I з аднаго бруска I сарцавiна дуба, I вёслы рыбака. Мясiце палям плечы, Крычыце, малаткi, Пра рай драўляны - рэчы Там лёгкiя такi. * * * Нi пра што ня трэба гаварыць, I ня варта хоць чаму вучыць, I самоце верыць, як сьпярша, Цёмная зьвярыная душа: Хоць чаму ня хоча навучыць, I зусiм ня ўмее гаварыць. Маладым дэльфiнам па вiрах У Сусьвеце сiвым гонiць страх. * * * У iмжы гукам гулкi прытулак. Лес прагнаў вечны страх за красу. Лёгкi крыж свой самотных прагулак Я пакорлiва зноў панясу. Зноўку да раўнадушнай айчыны Узьляцiць дзiкай качкай папрок, - I да змроку жыцьця я прычынны, Дзе самотнае ўсё як знарок! Грымнуў стрэл. Над азёрцам спакойным Крылы качак цяжэй ад смалы, I быцьцём зьлюстраваным падвойным Адурманены соснаў ствалы. Неба дзiўнае з водсьветам цьмяным - Боль, сусьвету стуманены боль - О, дазволь быць таксама туманным I цябе не кахаць мне дазволь! * * * О неба, ты мне будзеш сьнiцца звонка! Ня можа быць, каб ты асьлепла зблiзку, I дзень згарэў, як белая старонка: Панюшка дыму i панюшка прыску! * * * Няхай iмёны пышных гарадоў Слых лашчаць значнасьцю ў зьнiкомай мэце. Ня горад Рым жыве сярод вякоў, А месца чалавекава ў сусьвеце. Iм авалодаць тужацца цары, Апраўдваць войны сьвятары гатовы, А безь яго, як тыя сьмецьця сховы, Нiкчэмныя палацы й алтары. * * * Сёстры - грузь i пяшчота, аднальковыя вашы прыкметы. Медунiцы i восы прагна ружу сьцяжэлую ссуць. Чалавек памiрае. Пясок астывае нагрэты, I ўчарашняе сонца на чорных насiлках нясуць. Ах, пяшчотныя сеткi i важкiя соты! Камень зрушыць лягчэй, чым iмя тваё паўтарыць. Анiчога ў мяне акрамя аднае турботы, - Залатое турботы, як часу паклажу збыць. П'ю паветра змутнелае, як цёмныя воды нядужы. Плугам час узараны, i ружа зямлёю была. У марудным вадазвароце цяжкiя, пяшчотныя ружы, Ружу грузь i пяшчоту ў двайныя вянкi запляла. * * * Праз ноч шахраяў грэла сварка - Ў шынку гулялi ў дамiно. Прыйшла зь яечняю шынкарка; Манахi выпiлi вiно. На вежы ўзьелiся пачвары, Чый вышчарам страшнейшы рот? А ўраньнi казанiк паджары Ў палаткi заклiкаў народ. На рынку звадзяцца сабакi, Мянялы ляскае замок. У вечнасьцi крадзе ўсялякi, А вечнасьць - як марскi пясок. Яго губляюць панарады - Ён не трымаецца ў мяхах. I пра начлег, яму ня рады, Адну лухту нясе манах. * * * Забыўся слова зноў, што я хацеў сказаць. Сьляпая ластаўка пад ценяў столь прыб'ецца, На крылах зрэзаных, з празрыстымi гуляць. Узрушанасьцю сьпеў начны пяецца. Ня чутна птушак. Цьмян як сам ня свой. Табун сьвiтае грывамi шаўкова. Пусты чаўнок плыве ў траве сухой. Мiж конiкаў прытомнасьць трацiць слова. I ледзь расьце, як храм, на злосьць бядзе, То раптам здасца звар'яцелай Антыгонай, То ў ногi мёртвай ластаўкай падзе, З стыгiйскай ласкай i галiнкаю зялёнай. Вiдушчых пальцаў сорам ня вярнуць мане I выпуклую радасьць пазнаваньня. Рыданьне аанiдаў страшна мне I водзван, i туман, i зьзяньне! Ва ўладзе сьмертных i кахаць, i пазнаваць, Для iх i гук у ксты пральецца, Ды я забыўся, што хачу сказаць, - Душа пад ценяў столь бясплотная прыб'ецца. Празрыстае ўсё не аб тым цьвярдзiць, Бо ластаўка, сяброўка, Антыгона... А на губах, як чорны лёд, гарыць Стыгiйскага прыпамiнаньне звону. * * * Калi з ударамi ўдар сустракаецца, I нада мною, як кон, Забыўшы стому, маятнiк гайдаецца, I хоча быць мне лёсам ён, Сьпяшаецца, i груба супакоiцца, I выпадзе верацяно, - I немагчыма ўбачыцца, дамовiцца, I не ўхiлiцца ўсё адно. Узоры вострыя пераплятаюцца, I, ўсё шпарчэй, iмпэтней зноў, Атручаныя дроцiкi ўзьвiваюцца Ў руках адважных дзiкуноў... Пераклаў Рыгор Барадулiн